Месца правядзення – Дом-музей Марка Шагала (вул.Пакроўская, 11а)
Традыцыйна 7 ліпеня Віцебск святкуе дзень народзінаў Марка Шагала. Сёлета Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Дом-музей Марка Шагала правядуць музейна-тэатральную вечарыну «Каб душа мая раскрылася...».
У 21:00 для жыхароў і гасцей Віцебска будзе адкрыта экспазіцыя. Музейныя супрацоўнікі падрыхтавалі займальны квэст па творчасці сусветна вядомага мастака. Каб паспяхова прыйсці яго, прыйдзецца вывучыць кожную карціну Шагала ў дэталях, пашукаць у інтэрнэце артыкулы пра яго мастацтва...
У 22:00 пачнецца начны паказ спектакля «Шагал... Шагал...» – эцюды памяці па п’есе У.Драздова «Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі» ў пастаноўцы Коласаўскага тэатра. Уявіце сабе, як выйдзе з начной цемры, як з мінулага, таемны Мастак і будзе расказваць, паказваць гісторыю свайго жыцця, тыя вобразы, якія назаўсёды засталіся ў яго творах, той горад, якому належыць душа Шагала... Як будуць складацца ў сузор’е успамінаў, агеньчыкі, што свецяцца з вокнаў віцебскіх домікаў, сінагог, крамаў... Як паляцяць над Віцебскам шчымлівыя словы: «Горад мой, мяне не забыў ты яшчэ!.. Рака твая ў целе маім цячэ...».
Гэты спектакль – гімн гораду маладосці Марка Шагала, роднаму Віцебску. У 20-я гады, калі адбываецца дзеянне спектакля, тут быў цэнтр бурнага палітычнага і культурнага жыцця. Зусім малады мастак, яго маці, бацька, першае захапленне Волечкай, унучкай суседкі Сцяпанаўны; сапраўднае каханне да Бэлы і, нарэшце, цвёрдае рашэнне паехаць вучыцца ў Парыж. Пакідаючы родны горад, Марк Шагал не здагадваўся пра будучую парыжскую славу, не думаў, што больш ніколі не пабачыць родных… Яны ажывуць на палотнах мастака, якія ўзніклі з уражанняў віцебскага юнацтва.
«Я бадзяўся па вуліцах, я шукаў, я прасіў: «Божа, ты, схаваны ў аблоках ці за домам краўца, зрабі так, каб раскрылася мая душа, самотная душа хлопчыка-лепетуна, укажы мне, Божа, мой шлях. Я не хачу быць як іншыя, я хачу бачыць новы свет», – прасіў Марк Шагал. І яго мары спраўдзіліся.
Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Сцэнаграфія Уладзіміра Матросава. Касцюмы Святланы Макаранкі. Музыка і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Павел Гарбуноў. За час жыцця спектакль быў паказаны на многіх гастролях і прэстыжных фестывалях у Італіі, Францыі, Польшчы, Германіі, Малдове, Расіі, Літве. У 2000 годзе адзначаны галоўным прызам Эдынбургскага фестывалю (Вялікабрытанія).
У спектаклі занятыя артысты: Генадзь Гайдук (Марк), Анжаліка Баркоўская (Іда, маці Марка), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Сцяпанаўна), Наталля Саламаха-Конанава (Бэла), Паліна Крашэўская / Алёна Чыстабаева (Волечка), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Захар, бацька Марка), Арцём Блахін / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Камісар), Дзмітрый Каваленка (Фатограф), Юрась Цвірка (Іван), Уладзіслаў Жураўлёў (дзядзька Зюся).