Жан-Батыст Мальер
Камедыя на 2-е дзеі
Пастаноўка і музычнае афармленне Сяргея Талкача
Сцэнаграфія і касцюмы Алены Ігрушы
Харэограф Дзіяна Юрчанка
Пераклад на беларускую мову Пятра Ламана
Прэм’ера – 8 снежня 2023 года.
Галоўны герой, спадар Арган лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе ды ці хворы ўвогуле, ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна хоча завалодаць яго багаццем і аддаць падчарку ў манастыр. Але Арган вырашае па-іншаму: ён збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка закаханая зусім у іншага юнака, і той адказвае ёй узаемнасцю. Служанка Туанэта бярэцца дапамагчы маладым стаць шчаслівымі. Ці атрымаецца гэта ў яе?..
П’еса Мальера высмейвае фанабэрыстасць, надумлівасць, глупства, прагу да грошай. Рэжысёр, у сваю чаргу, аддае перавагу тэатру ігры, тэатру прадстаўлення, стварае фарсавае відовішча, дзе пераважаюць буфанада і гратэск. Артысты, гэтак жа, як і класічнай камедыі дэль артэ, ствараюць вобразы-маскі. У пэўны момант маскі будуць скінутыя – і глядач убачыць за вобразамі герояў асобы саміх акцёраў.