камедыя ў 2-х частках паводле твораў Шолам-Алейхема
Рэжысёр - Барыс Эрын
Мастак - Барыс Красноў
Кампазітар - Аляксандр Рэнанскі
Балетмайстар - Сямён Дрэчын
Прэм’ера - 21 мая 1989 г.
Працягласць: 3 гадзіны
Камедыя “Памінальная малітва” вось ужо на працягу многіх гадоў займае асобнае месца ў рэпертуары тэатра і нязменна карыстаецца асаблівай увагай і пашанай гледачоў.
На сцэне перад вачыма праходзіць амаль біблейская гісторыя, у якой бяруць удзел Бацька, што працай здабывае хлеб надзённы; Маці, якая дорыць жыццё, захоўвае хатні агмень; пяць дачок – святло і радасць сям’і. Галоўны герой – Тэўе-малочнік, якога местачкоўцы надзвычай паважаюць, – тутэйшы філосаф, клапатлівы бацька, што стаіць на чале вялікага роду, уладар старой кабылы і дзвюх кароў, руплівы вясковы гаспадар, катораму ўсё не шанцуе, але нічога, неяк жывецца, бо дапамагае ў цяжкую хвіліну гумар, вялікая любоў да жыцця і шчырая вера ў Бога. Персанажы спектакля – прадстаўнікі розных нацыянальнасцей – жывуць разам, дружна і не ўяўляюць, што можа быць інакш...
Галоўную ролю бліскуча выконвае народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў. У спектаклі занятыя найлепшыя акцёры Купалаўскага тэатра: народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Галіна Талкачова, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, Наталля Качаткова, Мікалай Кірычэнка, Сяргей Краўчанка, Георгій Маляўскі, Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, а таксама ці не ўся моладзь тэатра.